Пс 31
 1 Кіраўніку хору: псальм Давіда. 
 2 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею, ня дай мне асароміцца на вякі, у праведнасьці Тваёй выратуй Ты мяне! 
 3 Прыхілі да мяне вуха Тваё, хутчэй выратуй мяне! Будзь для мяне скалою апоры, домам умацаваным, каб збавіць мяне! 
 4 Бо Ты – скала мая і замчышча маё, дык дзеля імя Твайго будзеш весьці мяне і накіроўваць мяне. 
 5 Ты мяне выцягнеш з сеці, якую таемна [наставілі] супраць мяне, бо Ты – апора мая. 
 6 У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты выбавіў мяне, ГОСПАДЗЕ, Бог праўды. 
 7 Ненавіджу я тых, што захоўваюць дарэмную марнасьць, бо я на ГОСПАДА спадзяюся. 
 8 Я буду радавацца і весяліцца праз міласэрнасьць Тваю, бо Ты глянуў на пакуты мае, спазнаў трывогі душы маёй, 
 9 і не аддаў мяне ў рукі ворага, паставіў ногі мае на вольны прастор. 
 10 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я прыгнечаны. Ад тугі высахла вока маё, і душа мая і нутро маё. 
 11 Бо зьнікае ў смутку жыцьцё маё, і гады мае — у-ва ўздыханьні. Спатыкнулася ў беззаконьні маім сіла мая, і высахлі косткі мае. 
 12 Я стаўся ганьбаю для ўсіх, што ўціскаюць мяне, і нават для суседзяў маіх, страхоцьцем для знаёмых маіх; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне. 
 13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я стаўся як начыньне разьбітае. 
 14 Бо я чуў зласлоўе ад многіх, жах наўкола! Яны сабраліся разам супраць мяне, яны задумалі ліхое, каб забраць душу маю. 
 15 Але я на Цябе спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! Я кажу: “Ты — мой Бог!” 
 16 У Тваёй руцэ час мой; выратуй мяне з рукі ворагаў маіх і тых, што перасьледуюць мяне. 
 17 Няхай сьвеціць аблічча Тваё над слугою Тваім; збаў мяне праз міласэрнасьць Тваю! 
 18 ГОСПАДЗЕ, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я клічу! Няхай асаромяцца бязбожнікі, няхай яны змоўкнуць у пекле, 
 19 няхай занямеюць вусны хлусьлівыя, якія кажуць дзёрзка супраць праведніка з пыхлівасьцю і пагардай! 
 20 Якая вялікая добрасьць Твая, якую Ты захоўваеш для тых, што баяцца Цябе, і якую ўчыняеш тым, што маюць надзею ў Табе насуперак сынам чалавечым! 
 21 Пад заслонай аблічча Твайго Ты хаваеш іх ад закалотаў людзкіх, Ты засланяеш іх, як у намёце, ад языкоў звадлівых. 
 22 Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён учыніў мне цуды міласэрнасьці у горадзе ўмацаваным. 
 23 А я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: “Я адкінуты ад вачэй Тваіх!” Але Ты пачуў голас маленьня майго, калі я галасіў да Цябе! 
 24 Любіце ГОСПАДА, усе багабойныя Ягоныя! Верных захоўвае ГОСПАД, але тым, якія дзейнічаюць пыхліва, Ён адплочвае з наддаткам. 
 25 Будзьце цьвёрдыя і ўмацуйце сэрца вашае, вы, якія спадзяецеся на ГОСПАДА!
<-  ПСАЛЬМЫ 30ПСАЛЬМЫ 32  ->
 Languages
Languages