Разьдзел 3
 1 Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае, 
 2 бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе. 
 3 Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго, 
 4 і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей. 
 5 Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой. 
 6 Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае. 
 7 Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты. 
 8 Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем косткам тваім. 
 9 Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх, 
 10 і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном. 
 11 Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДАВА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе, 
 12 бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну. 
 13 Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне. 
 14 Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата. 
 15 Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю. 
 16 Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава. 
 17 Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой. 
 18 Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе. 
 19 ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам. 
 20 Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою. 
 21 Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць. 
 22 І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй. 
 23 Тады пойдзеш бясьпечна шляхам сваім, і нага твая не пахісьнецца. 
 24 Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. 
 25 Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе, 
 26 бо ГОСПАД будзе тваім спадзяваньнем і захавае нагу тваю ад пасткі. 
 27 Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта. 
 28 Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе. 
 29 Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна. 
 30 Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога. 
 31 Не зайзросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага з шляхоў яго, 
 32 бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе. 
 33 Праклён ГОСПАДАЎ на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе. 
 34 Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае. 
 35 Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя насіць будуць ганьбу.
<-  ПРЫПОВЕСЬЦІ 2ПРЫПОВЕСЬЦІ 4  ->
 Languages
Languages