Разьдзел 12
 1 Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань. 
 2 Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць. 
 3 Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца. 
 4 Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных. 
 5 Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя. 
 6 Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх. 
 7 Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць. 
 8 Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны. 
 9 Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба. 
 10 Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае. 
 11 Хто абрабляе сваю зямлю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму. 
 12 Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод]. 
 13 Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды. 
 14 З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго. 
 15 Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду. 
 16 Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу. 
 17 Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праўдзіва, а сьведка фальшывы хлусіць. 
 18 Ёсьць такі, што лапоча і раніць як мечам, а язык мудрага лечыць. 
 19 Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне. 
 20 Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць. 
 21 Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў. 
 22 Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму. 
 23 Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства. 
 24 Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі. 
 25 Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго. 
 26 Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх. 
 27 Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная. 
 Languages
Languages