Экл 6
 1 Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, і цяжкае яно для чалавека: 
 2 Чалавек, якому Бог дае багацьце, i маёмасьць, i славу, i няма нiякай нястачы для душы ягонай нi ў чым, чаго не пажадаў бы ён, і не дае яму Бог улады, каб спажыць гэта, але чужы чалавек спажывае тое. Гэта марнасьць i ліхая немач. 
 3 Калi б нарадзiў чалавек сто [дзяцей], i пражыў шмат гадоў, i было б шмат дзён гадоў ягоных, але душа ягоная не насыцiлася дабром, i нават не было б магілы для яго, я скажу, што лепшая [доля] спарона, чым таго [чалавека]. 
 4 Бо ён прыйшоў як марнасьць, i ў цемру ідзе, і цемраю пакрыта iмя ягонае, 
 5 нават ня ўбачыў ён сонца, i нічога не спазнаў, [але] мае большы спакой, чым [чалавек] той. 
 6 І хоць бы той [чалавек] жыў дзьве тысячы гадоў, i ня ўбачыў дабра, цi ж не ў адно месца ўсе ідуць? 
 7 Уся цяжкая праца чалавека — дзеля вуснаў ягоных, але душа ягоная не насычаецца. 
 8 Бо чым лепшы мудры за дурня? Чым [лепшы] прыгнечаны, які ведае, як хадзiць перад жывымi? 
 9 Лепш тое, што бачаць вочы, чым тое, куды імкнецца душа. Таксама гэта — марнасьць i пагоня за ветрам. 
 10 Хто як названы, такое iмя ягонае; i вядома, што ён — чалавек, i ня можа ён судзіцца з тым, хто мацнейшы за яго. 
 11 Дзе шмат слоў, там памнажаецца марнасьць; i што мае з гэтага чалавек? 
 12 Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьцi, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам?
<-  ЭКЛЕЗІЯСТ 5ЭКЛЕЗІЯСТ 7  ->
 Languages
Languages