Дз 11
 1 А апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, пачулі, што і пагане прынялі слова Божае. 
 2 І калі Пётар узыйшоў у Ерусалім, тыя, што з абрэзаных, сумняваліся ў ім, 
 3 кажучы: «Да мужоў неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!» 
 4 А Пётар, пачаўшы, выклаў па парадку, кажучы: 
 5 «Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і ў захапленьні ўбачыў відзеж: нейкае начыньне, якое зыходзіла, быццам вялікі абрус, за чатыры канцы апусканы з неба, і прыйшло да мяне. 
 6 Углядаючыся ў яго, я разгледзеў і ўбачыў чатырохногіх зямных, і зьвяроў, і паўзуноў, і птушкі нябесныя. 
 7 Пачуў жа я голас, які гаварыў мне: “Устаўшы, Пётар, заколвай і еш”. 
 8 А я сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо нічога паганага ці нячыстага ніколі ня браў я ў вусны мае”. 
 9 А голас адказаў мне другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”. 
 10 Сталася ж гэта тройчы, і ізноў усё ўзьнялося ў неба. 
 11 І вось, у гэты момант спыніліся перад домам, у якім я быў, трох мужоў, пасланыя да мяне з Цэзарэі. 
 12 А Дух сказаў мне ісьці з імі, нічога не сумняваючыся. Пайшлі ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужа. 
 13 І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім анёла, які стаў і сказаў яму: “Пашлі ў Ёппу мужоў і пакліч Сымона, называнага Пятром, 
 14 які скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”. 
 15 Калі ж я пачаў гаварыць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас на пачатку. 
 16 І ўзгадаў я слова Госпада, як Ён сказаў: “Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым”. 
 17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто ж я такі, каб мог забараняць Богу?» 
 18 Пачуўшы ж гэтае, яны супакоіліся і славілі Бога, кажучы: «Можа і паганам даў Бог навяртаньне дзеля жыцьця». 
 19 А тыя, што расьцярушыліся пасьля прыгнёту, які стаўся за Стэфана, пайшлі аж да Фінікіі, і Кіпру, і Антыёхіі, нікому не гаворачы слова, адно толькі Юдэям. 
 20 Былі ж некаторыя з іх мужы Кіпрыйскія і Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, гаварылі да эліністаў, дабравесьцячы Госпада Ісуса. 
 21 І была рука Госпадава з імі, і вялікая лічба, паверыўшы, зьвярнулася да Госпада. 
 22 А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію. 
 23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе, 
 24 бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада. 
 25 А Барнаба выйшаў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёхію. 
 26 Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць Хрысьціянамі. 
 27 У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі. 
 28 А адзін з іх, на імя Агаў, устаўшы, праз Духа даў знак, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, які і стаўся за цэзара Кляўдыя. 
 29 А вучні, кожны паводле магчымасьці сваёй, вызначылі паслаць [дапамогу] братам, што жылі ў Юдэі. 
 Languages
Languages