2 Цім 4
 1 Дык я сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які мае судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і Валадарства Свайго: 
 2 абвяшчай слова, настойвай у час і ня ў час, дакарай, забараняй, упрошвай з усякай доўгацярплівасьцю і вучэньнем. 
 3 Бо будзе час, калі здаровага навучаньня цярпець ня будуць, але паводле сваіх пажаданьняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія лашчаць слых, 
 4 і ад праўды слых адвернуць, а збочаць да баек. 
 5 А ты будзь пільны ў-ва ўсім, перанось цяжкасьці, рабі справу дабравесьніка, служэньне тваё выконвай. 
 6 Бо я ўжо стаўся ахвяраю, і час майго адыходу прыйшоў. 
 7 Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў. 
 8 Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьяўленьне Яго палюбілі. 
 9 Намагайся, каб хутка прыйсьці да мяне. 
 10 Бо Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Тэсалоніку; Крэскенс — у Галятыю; Ціт — у Дальматыю; адзін Лука са мною. 
 11 Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня, 
 12 А Тыхіка я паслаў у Эфэс. 
 13 Плашч, які я кінуў у Траадзе ў Карпа, ідучы, прынясі, і кнігі, асабліва пэргаміны. 
 14 Аляксандар, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай дасьць яму Госпад паводле ўчынкаў ягоных. 
 15 І ты захоўвай сябе ад яго, бо ён вельмі супрацьстаіць нашым словам. 
 16 У першай маёй абароне ніхто не прыйшоў да мяне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана! 
 17 Госпад жа стаў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне была выкананая і каб пачулі [яе] ўсе пагане; і я быў выбаўлены з ільвінае пашчы. 
 18 І выбавіць мяне Госпад ад усякага злога дзеяньня, і збавіць для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на вякі вякоў. Амэн. 
 19 Прывітай Прыскілу, і Акілу, і дом Анісіфора. 
 20 Эраст застаўся ў Карыньце; а Трафіма я пакінуў хворага ў Мілеце. 
 21 Намагайся, каб прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты. 
 22 Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амэн.
 Languages
Languages