2 Цім 2
 1 Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе, 
 2 і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучыць. 
 3 Дык перанось цяжкасьці, як добры жаўнер Ісуса Хрыста. 
 4 Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска. 
 5 І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна. 
 6 Земляроб, які працуе, мусіць першы спажываць плады. 
 7 Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім. 
 8 Памятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эвангельля майго, 
 9 у якім пераношу цяжкасьці аж да путаў, як злачынца, але слова Божага нельга зьвязаць. 
 10 Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю. 
 11 Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і жыць будзем з Ім; 
 12 калі трываем [з Ім], і валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся [ад Яго], і Ён адрачэцца ад нас; 
 13 калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа. 
 14 Гэта нагадвай, сьведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся дзеля словаў, што нічога не дае, а руйнуе тых, якія слухаюць. 
 15 Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды. 
 16 А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці, 
 17 і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажыву. Гэтакія Гімэнэй і Філет, 
 18 якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і руйнуюць у некаторых веру. 
 19 Але цьвёрды падмурак Божы стаіць, маючы гэтакую пячатку: «Ведае Госпад тых, якія Яго», і: «Няхай адыйдзецца ад няправеднасьці кожны, хто называе імя Хрыста». 
 20 А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны, і гліняны; і адзін — у пашане, а другі — у ганьбе. 
 21 Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінаю ў пашане, асьвячонаю і патрэбнаю Ўладару, падрыхтаванаю на ўсякую добрую справу. 
 22 Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца. 
 23 Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі; 
 24 а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым, 
 25 у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды, 
 26 каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю.
<-  2 ЦІМАФЕЯ 12 ЦІМАФЕЯ 3  ->
 Languages
Languages