Зах 2
 1 І зноў я ўзьвёў вочы мае і ўгледзеў: вось муж, у якога ў руцэ - землямерная вяроўка. 
 2 Я спытаўся: куды ты ідзеш? І ён сказаў мне: мерыць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня яго і якая даўжыня яго. 
 3 І вось анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, а другі анёл ідзе насустрач яму, 
 4 і сказаў ён гэтаму: ідзі хутчэй, скажы гэтаму юнаку: Ерусалім заселіць ваколіцы з прычыны мноства людзей і быдла ў ім. 
 5 І Я буду яму, кажа Гасподзь, вогненнаю сьцяною вакол яго і праслаўлюся сярод яго. 
 6 Эй, эй! бяжэце з паўночнай краіны, кажа Гасподзь: бо па чатырох вятрах нябесных Я расьсеяў вас, кажа Гасподзь. 
 7 Ратуйся, Сіёне, які жывеш у дачкі Вавілона. 
 8 І так кажа Гасподзь Саваоф: дзеля славы Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас; бо той, хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Яго. 
 9 І вось, Я падыму руку Маю на іх, і яны зробяцца здабычаю рабоў сваіх, і тады ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне. 
 10 Радуйся і весяліся, дачка Сіёна! Бо вось, Я прыйду і пасялюся сярод цябе, кажа Гасподзь. 
 11 І прыбягуць да Госпада многія народы ў той дзень і будуць Маім народам; і я пасялюся сярод цябе, і ўведаеш, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да цябе. 
 12 Тады Гасподзь возьме ва ўладаньне Юду, Сваю долю на сьвятой зямлі, і зноў выбера Ерусалім. 
 13 Хай маўчыць усякая плоць перад абліччам Госпада! Бо Ён падымаецца ад сьвятога жытлішча Свайго.
<-  ЗАХАРЫІ 1ЗАХАРЫІ 3  ->
 Languages
Languages