Пс 80
 1 Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Асафава. 
 2 Сьпявайце радасна Богу, цьвярдыні нашай; усклікайце Богу Якава! 
 3 Вазьмеце псальму, зайграйце на бубне, на арфе з гукам прыемным, на псалтыры; 
 4 трубеце ў трубу парою маладзіка, у пэўны час, у дзень сьвята нашага; 
 5 бо гэта закон Ізраілю, пастанова ад Бога Якаўлевага. 
 6 Ён пастанавіў гэта ў сьведчаньне Язэпу, калі той выйшаў зь зямлі Егіпецкай, дзе пачуў гукі мовы, якое ня ведаў: 
 7 «Я зьняў з плячэй ягоны цяжар, і рукі ягоныя вызваліліся ад кашоў». 
 8 У гароце ты паклікаў Мяне, і Я цябе вызваліў; зь сярэдзіны грому пачуў Я цябе; пры водах Мэрывы выпрабаваў цябе. 
 9 Слухай, народзе Мой, і Я буду сьведчыць табе; Ізраіле! о, калі б ты паслухаў Мяне! 
 10 Хай ня будзе ў цябе іншага Бога, і не пакланяйся богу чужому. 
 11 Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай; разамкні твае вусны, і Я напоўню іх». 
 12 Але народ Мой ня слухаўся голасу Майго, і Ізраіль не ўпакорваўся Мне; 
 13 таму Я пакінуў іх упартасьці іхняга сэрца, хай ходзяць паводле намераў сваіх. 
 14 О, калі б народ Мой слухаў Мяне і Ізраіль хадзіў Маімі шляхамі! 
 15 Я хутка ўпакорыў бы ворагаў іхніх і павярнуў бы руку Маю на прыгнятальнікаў іхніх; 
 16 ненавісьнікі Госпада поўзалі б перад імі, а дабрашчасьце доўжылася б заўсёды. 
Languages