Пс 36
 1 Псальма Давідава. 
Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым, 
 2 бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць. 
 3 Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся. 
 4 Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго. 
 5 Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць, 
 6 і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень. 
 7 Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму. 
 8 Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое, 
 9 бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе. 
 10 Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго. 
 11 А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім. 
 12 Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі; 
 13 а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны. 
 14 Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая: 
 15 меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца. 
 16 Лепш - малое ў праведніка, чым багацьце - у многіх бязбожнікаў, 
 17 бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь! 
 18 Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна. 
 19 Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць; 
 20 а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць. 
 21 Пазычае бязбожны - і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае, 
 22 бо ўміласлаўленыя Ім - зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім - будуць вынішчаны. 
 23 Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай: 
 24 калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку. 
 25 Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі: 
 26 ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным - дабраславеньне будзе. 
 27 Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна: 
 28 бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца. 
 29 Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна. 
 30 Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду. 
 31 Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя. 
 32 Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго; 
 33 але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць. 
 34 Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш. 
 35 Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва; 
 36 але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу. 
 37 Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму - будучыня; 
 38 а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне. 
 39 Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён - абарона ім у часіны жальбы: 
 40 і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.
<-  ПСАЛТЫР 35ПСАЛТЫР 37  ->
Languages