Ёў 27
 1 І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў: 
 2 жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і Ўсемагутны, Які засмуціў душу маю, 
 3 што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх, 
 4 ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы! 
 5 Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй. 
 6 Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае. 
 7 Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік. 
 8 Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную? 
 9 Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда? 
 10 Ці будзе ён суцяшацца Ўсемагутным і заклікаць Бога ў любы час? 
 11 Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва Ўсемагутнага, ня ўтою. 
 12 Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце? 
 13 Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі. 
 14 Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам. 
 15 Тых, што засталіся пасьля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць. 
 16 Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі, 
 17 дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік. 
 18 Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан; 
 19 кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той. 
 20 Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура. 
 21 Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго. 
 22 Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай. 
Languages