Ёў 20
 1 І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў: 
 2 развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх. 
 3 Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне. 
 4 Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, - з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі, 
 5 весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная? 
 6 Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, - 
 7 як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён? 
 8 Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне. 
 9 Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае. 
 10 Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім. 
 11 Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл. 
 12 Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім, 
 13 беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, - 
 14 дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго. 
 15 Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага. 
 16 Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны. 
 17 Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком! 
 18 Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца. 
 19 Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў; 
 20 ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога. 
 21 Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае. 
 22 У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго. 
 23 Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай. 
 24 Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, - пратне яго лук медны; 
 25 пачне вымаць стралу, - і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго! 
 26 Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным. 
 27 Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго. 
 28 Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго. 
Languages