Ёў 19
 1 І адказваў Ёў і сказаў: 
 2 дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі? 
 3 Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне. 
 4 Калі я і сапраўды зграшыў, дык грэх мой пры мне застаецца. 
 5 Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца над мною і ўпікнуць мяне ганьбаю маёю, 
 6 дык ведайце, што Бог скінуў мяне і абклаў мяне Сваёю сеткаю. 
 7 Вось, я крычу: крыўда! і ніхто ня слухае; енчу, і няма суду. 
 8 Ён заступіў мне дарогу, і не магу прайсьці, і сьцежкі мае зацемрыў. 
 9 Зьняў зь мяне славу маю і зьняў вянок з галавы маёй. 
 10 Зусім спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, Ён вырваў надзею маю. 
 11 Запалаў на мяне гневам Сваім і лічыць мяне сярод ворагаў Сваіх. 
 12 Палкі Ягоныя прыйшлі разам і скіравалі дарогу сваю да мяне і разьмясьціліся вакол намёта майго. 
 13 Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне. 
 14 Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне. 
 15 Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх. 
 16 Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго. 
 17 Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго. 
 18 Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне. 
 19 Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне. 
 20 Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх. 
 21 Умілажальцеся зь мяне вы, сябры мае, - бо рука Божая кранулася мяне. 
 22 Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца? 
 23 О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе 
 24 разцом жалезным з волавам, - на вечныя часы на камені выразаны былі! 
 25 Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана, 
 26 і з плоці маёй я ўбачу Бога. 
 27 Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго. Растае сэрца маё ў грудзях маіх! 
 28 Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне. 
Languages