Ёў 18
 1 І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў: 
 2 калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць. 
 3 Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых? 
 4 О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго? 
 5 Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага. 
 6 Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім. 
 7 Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны, 
 8 бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе. 
 9 Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго. 
 10 Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе. 
 11 З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды. 
 12 Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго. 
 13 Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці. 
 14 Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў. 
 15 Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю. 
 16 Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя. 
 17 Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы. 
 18 Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі. 
 19 Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных. 
 20 Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем. 
Languages