Ёў 16
 1 І адказваў Ёў і сказаў: 
 2 Чуў я шмат такога; нікчэмныя суцешнікі ўсе вы! 
 3 Ці будзе канец ветраным словам? і што схіліла цябе так адказваць? 
 4 І я мог бы гэтак сама сказаць, як вы, калі б душа вашая была на месцы маёй; узбурваўся б на вас словамі і ківаў бы на вас галавою маёю; 
 5 мацаваў бы вас языком маім і рухам губоў суцяшаў бы. 
 6 Ці кажу я, не спатольваецца скруха мая; ці перастаю, што адыходзіць ад мяне? 
 7 Але сёньня Ён стаміў мяне. Ты разбурыў усю сямэю маю, 
 8 Ты пакрыў мяне маршчынамі ў сьведчаньне супроць мяне; паўстае на мяне зморанасьць мая, у твар дакарае мяне. 
 9 Гнеў Ягоны турзае і варагуе супроць мяне, скрыгоча на мяне зубамі сваімі; непрыяцель мой вострыць на мяне вочы свае. 
 10 Разьзявілі на мяне пашчу сваю; лаючыся б'юць мяне па шчоках; усе змовіліся супроць мяне. 
 11 Аддаў мяне Бог беззаконьніку і ў рукі бязбожных кінуў мяне. 
 12 Я быў спакойны, але Ён патрэс мяне; узяў мяне за шыю і пабіў мяне і паставіў мяне конам Сабе. 
 13 Абступілі мяне стралкі Ягоныя; Ён расьсякае вантробы мае і ня літуе, выліў на зямлю жоўць маю, 
 14 прабівае ўва мне праломіну за праломінай, бяжыць на мяне, як воін. 
 15 Вярэту пашыў я на скуру маю і ў пыл паклаў галаву маю. 
 16 Твар мой пачырванеў ад плачу, і на павеках маіх цень сьмерці, 
 17 пры ўсім тым, што няма рабунку на руках маіх, і малітва мая чыстая. 
 18 Зямля! не закрый маёй крыві, і хай ня будзе месца енку майму. 
 19 І сёньня вось на нябёсах Сьведка мой, і Заступнік мой у вышынях! 
 20 Красамоўныя сябры мае! Да Бога сьлёзіцца вока маё. 
 21 О, калі б чалавек мог спаборнічаць з Богам, як сын чалавечы з блізкім сваім! 
Languages