Ёў 15
 1 І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў: 
 2 ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым, 
 3 апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы? 
 4 Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога. 
 5 Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных. 
 6 Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе. 
 7 Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны? 
 8 Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць? 
 9 Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас? 
 10 І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго. 
 11 Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе? 
 12 Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш? 
 13 Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы? 
 14 Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны? 
 15 Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго: 
 16 тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду. 
 17 Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў, 
 18 што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх, 
 19 якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў. 
 20 Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка: 
 21 гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік, 
 22 Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч. 
 23 Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры. 
 24 Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы, 
 25 за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся Ўсеўладнаму, 
 26 памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі; 
 27 бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае. 
 28 І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне. 
 29 Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны. 
 30 Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго. 
 31 Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму. 
 32 Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець. 
 33 Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой. 
 34 Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства. 
Languages