Ёў 11
 1 І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў: 
 2 хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю? 
 3 Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе? 
 4 Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх. 
 5 Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе 
 6 і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю. 
 7 Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага? 
 8 Ён вышэйшы за нябёсы, - што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, - што можаш даведацца? 
 9 Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора. 
 10 Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго? 
 11 Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі? 
 12 Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці. 
 13 Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае, 
 14 і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх, 
 15 дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца. 
 16 Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго. 
 17 І ясьней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца. 
 18 І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы. 
 19 Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе. 
Languages