Іс 23
 1 Прароцтва пра Тыр. - Галасеце, караблі Тарсіса, бо ён разбураны: няма дамоў, і няма каму заходзіць у дамы. Так ім абвешчана зь зямлі Кітыйскай. 
 2 Замоўкніце, насельнікі вострава, які напаўнялі купцы Сідонскія, што плаваюць морам. 
 3 Па вялікіх водах прывозілі ў яго насеньне Сіхора, ужынак вялікай ракі, і быў ён торжышчам народаў. 
 4 Пасаромейся, Сідоне; бо вось што кажа мора, крэпасьць марская: як ня мучылася родамі і не раджала, і ня выхоўвала юнакоў, не гадавала дзяўчат. 
 5 Калі вестка дойдзе да Егіпцянаў, здрыгануцца яны, пачуўшы пра Тыр. 
 6 Перасяляйцеся ў Тарсіс, галасеце, насельнікі вострава! 
 7 Ці гэта ваш узьвяселены горад, якога пачатак ёсьць ад дзён старадаўніх? Ногі ягоныя нясуць яго бадзяцца ў краіне далёкай. 
 8 Хто вызначыў гэта Тыру, які раздаваў вянкі, купцы якога былі князі, гандляры - знакамітасьці зямлі? 
 9 Гасподзь Саваоф вызначыў гэта, каб пасароміць пыхлівасьць усялякай славы, каб прынізіць усе знакамітасьці зямлі. 
 10 Хадзі па зямлі тваёй, дачка Тарсісава, як рака: няма болей завады. 
 11 Ён прасьцёр руку сваю на мора, скалануў царствы; Гасподзь даў наказ пра Ханаан - разбурыць крэпасьці ягоныя. 
 12 І сказаў: ты ня будзеш больш радавацца, пасаромленая дзяўчына, дачка Сідона! Уставай, ідзі ў Кітым, але і там ня будзе табе спакою. 
 13 Вось зямля Халдэяў. Гэтага народу раней ня было; Асур даў яму пачатак з насельнікаў пустыняў. Яны ставяць вежы свае, разбураюць харомы яго, ператвараюць яго ў руіны. 
 14 Галасеце, караблі Тарсіскія! бо цьвярдыня ваша спустошана. 
 15 І будзе таго дня, забудуць Тыр на семдзесят гадоў, на меру дзён аднаго цараваньня. А празь семдзесят гадоў з Тырам станецца тое, як у песьні пра блудадзейку: 
 16 «вазьмі цытру, хадзі па горадзе, забытая блудадзейка! Іграй складна, сьпявай многа песьняў, каб пра цябе ўспаміналі». 
 17 І будзе празь семдзесят гадоў, Гасподзь наверне Тыр; і ён зноў пачне браць прыбытак свой, і будзе блудадзейнічаць з усімі царствамі зямнымі па ўсім сьвеце. 
 18 Але гандаль яго і прыбытак ягоны прысьвячаюцца Госпаду; ня будуць замкнутыя і пакладзеныя ў каморы, бо да тых, што жывуць перад абліччам Госпада, будзе пераходзіць прыбытак ад гандлю ягонага, каб яны елі да сытасьці і мелі вопратку моцную.
<-  ІСАІ 22ІСАІ 24  ->
Languages