Габр 9
 1 І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное, 
 2 бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца «сьвятое». 
 3 А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых», 
 4 у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета, 
 5 а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна. 
 6 Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства; 
 7 а ў другую - адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу. 
 8 Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія. 
 9 Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка, 
 10 і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня. 
 11 Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня, 
 12 і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне. 
 13 Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела, 
 14 дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму! 
 15 І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне. 
 16 Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка, 
 17 бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы. 
 18 Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві, 
 19 бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ, 
 20 кажучы: «гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог». 
 21 Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы. 
 22 Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня. 
 23 Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі. 
 24 Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым, 
 25 і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю; 
 26 інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю. 
 27 І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд, 
 28 так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
<-  ГАБРЭЯЎ 8ГАБРЭЯЎ 10  ->
 Languages
Languages