Вых 29
 1 Вось, што павінен ты ўчыніць зь імі, каб прысьвяціць іх у сьвятары Мне; вазьмі адно цяля з валоў, і два бараны без пахібы, 
 2 і хлябоў прэсных, і праснакоў, зьмешаных з алеем, і ляпёшак прэсных, памазаных алеем: з мукі пшанічнай сьпячы іх; 
 3 і пакладзі іх у адзін кош, і прынясі іх у кашы, і разам цяля і двух бараноў. 
 4 А Аарона і сыноў ягоных прывядзі да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою. 
 5 І вазьмі вопратку, і апрані Аарона ў хітон і ў верхнюю рызу, у эфод і ў нагруднік, і аперажы яго па эфодзе; 
 6 і надзень яму на галаву кідар і ўмацуй дыядэму сьвятыні на кідары; 
 7 і вазьмі алей памазаньня, і вылі яму на галаву, і памаж яго. 
 8 І прывядзі таксама сыноў ягоных і апрані іх у хітоны; 
 9 і аперажы іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і накладзі на іх павязкі, і будзе ім належаць сьвятарства паводле статута навекі; і напоўні рукі Аарона і сыноў ягоных. 
 10 І прывядзі цяля да скініі сходу, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву цяляці; 
 11 і закалі цяля перад абліччам Гасподнім каля ўваходу ў скінію сходу; 
 12 вазьмі крыві цяляці і накладзі пальцам тваім на рогі ахвярніка, а ўсю кроў вылі пад ахвярнік; 
 13 вазьмі ўвесь лой, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані і абедзьве ныркі, і спалі на ахвярніку; 
 14 а мяса цяляці і скуру яго і бруд яго спалі на агні па-за табарам: гэта ахвяра за грэх. 
 15 І вазьмі аднаго барана, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана; 
 16 і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на ахвярнік з усіх бакоў; 
 17 разатні барана на часткі, вымый вантробы ягоныя і галені ягоныя, і пакладзі на расьсечаныя часткі яго і на галаву яго; 
 18 і спалі ўсяго барана на ахвярніку: гэта цэласпаленьне Госпаду, духмянасьць прыемная, ахвяра Госпаду. 
 19 Вазьмі і другога барана, і хай пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана; 
 20 і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакладзі на край вуха Ааронавага і на край правага вуха сыноў ягоных, і на вялікі палец правай нагі іхняй; і пакрапі крывёю ахвярнік з усіх бакоў; 
 21 і вазьмі крыві, якая на ахвярніку, і алею памазаньня, і пакрапі на Аарона і на вопратку ягоную, і на сыноў ягоных і на вопратку сыноў ягоных зь ім, - і будуць асьвечаныя, ён і вопратка ягоная, і сыны ягоныя і вопратка іхняя зь ім. 
 22 І вазьмі з барана лой і курдзюк, і здор, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані, і абедзьве ныркі і лой, які на іх, правую лапатку, 
 23 і адзін круглы хлеб, адну ляпёшку на алеі і адзін праснак з каша, які перад Госпадам, 
 24 і пакладзі ўсё на руку Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынясі гэта, патрасаючы перад абліччам Гасподнім; 
 25 і вазьмі гэта з рук іхніх і спалі на ахвярніку з цэласпаленьнем, дзеля духмянасьці перад Госпадам; гэта ахвяра Госпаду. 
 26 І вазьмі грудзіну барана ўручэньня, які для Аарона, і прынясі іх, патрасаючы перад абліччам Гасподнім, - і гэта будзе твая доля; 
 27 і асьвяці грудзіну прынашэньня, якою патрасаў, і лапатку паднашэньня, якую падносіў, з барана ўручэньня, які для Аарона і для сыноў ягоных, - 
 28 і будзе гэта Аарону і сынам ягоным у надзел вечны ад сыноў Ізраілевых, бо гэта - паднашэньне; паднашэньне павінна быць ад сыноў Ізраілевых пры мірных ахвярах, паднашэньне іх Госпаду. 
 29 А сьвяшчэнная вопратка, якая для Аарона, пяройдзе пасьля яго да сыноў ягоных, каб у ёй памазваць іх і ўручаць ім сьвятарства; 
 30 сем дзён павінен апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, які заступае яго месца, які будзе ўваходзіць у скінію сходу дзеля служэньня ў сьвятыні. 
 31 А барана ўручэньня вазьмі і згатуй мяса ягонае на месцы сьвятым; 
 32 і хай зьядуць Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага з каша, каля дзьвярэй скініі сходу, 
 33 бо праз гэта зьдзяйсьняецца ачышчэньне дзеля ўручэньня ім сьвятарства і дзеля прысьвячэньня іх; староньні не павінен есьці гэтага, бо гэта сьвятыня; 
 34 калі застанецца ад мяса ўручэньня і ад хлеба да раніцы, дык спалі рэшту на агні: ня трэба есьці яго, бо гэта сьвятыня. 
 35 І зрабі з Ааронам і з сынамі ягонымі ва ўсім так, як Я загадаў табе; сем дзён напаўняй рукі іхнія. 
 36 І цяля за грэх прынось кожны дзень дзеля ачышчэньня, і ахвяру за грэх учыняй на ахвярніку дзеля ачышчэньня яго, і памаж яго дзеля ачышчэньня яго; 
 37 сем дзён ачышчай ахвярнік, і асьвяці яго, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да ахвярніка, асьвеціцца. 
 38 Вось, што будзеш ты прыносіць на ахвярніку: двух ягнят аднагодкаў кожны дзень пастаянна: 
 39 адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары, 
 40 і дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з чвэрцю гіна чаўленага алею, а дзеля выліваньня чвэрць гіна віна, на адно ягня; 
 41 другое ягня прынось увечары: з мучным дарам, падобным на ранішні, і з такім самым выліваньнем прынось яго дзеля духмянасьці прыемнай, у ахвяру Госпаду. 
 42 Гэта цэласпаленьне заўсёднае ў роды вашыя перад дзьвярамі скініі сходу перад Госпадам, дзе буду адкрывацца вам, каб гаварыць з табою; 
 43 там буду адкрывацца сынам Ізраілевым, і асьвеціцца месца гэтае славаю Маёю. 
 44 І асьвячу скінію сходу і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны сьвятарылі Мне; 
 45 і жыцьму сярод сыноў Ізраілевых і буду ім Богам, 
 46 і ўведаюць, што Я Гасподзь, Бог іхні, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я Гасподзь Бог іхні.
<-  ВЫХАД 28ВЫХАД 30  ->
Languages