Экл 7
 1 Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці - за дзень нараджэньня. 
 2 Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго. 
 3 Смутак лепшы за сьмех; бо пры скрусе аблічча сэрца робіцца лепшым. 
 4 Сэрцы мудрых - у доме плачу а сэрцы бязглуздых - у доме вясёлым. 
 5 Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных; 
 6 бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта - марнасьць! 
 7 Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе. 
 8 Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага. 
 9 Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых. 
 10 Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта. 
 11 Добрая мудрасьць - як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць: 
 12 бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае. 
 13 Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым. 
 14 У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе. 
 15 Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй. 
 16 Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе? 
 17 Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна? 
 18 Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога. 
 19 Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе. 
 20 Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў; 
 21 таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць. 
 22 Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых. 
 23 Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне. 
 24 Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго? 
 25 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства. 
 26 І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна - сетка, і сэрца ў яе - пастка, рукі ў яе - кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна. 
 27 Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным. 
 28 Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў. 
 29 Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.
<-  ЭКЛЕЗІЯСТА 6ЭКЛЕЗІЯСТА 8  ->
 Languages
Languages