Экл 5
 1 Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе. 
 2 Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі. 
 3 Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся - зрабі. 
 4 Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць. 
 5 Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым: «гэта - памылка!» Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх? 
 6 Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў - марнасьці шмат; а ты бойся Бога. 
 7 Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы; 
 8 а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну. 
 9 Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта - марнасьць! 
 10 Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць? 
 11 Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае. 
 12 Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе. 
 13 І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго. 
 14 Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй. 
 15 І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер? 
 16 А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце. 
 17 Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта - ягоная доля. 
 18 І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта - дар Божы. 
 19 Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонага.
<-  ЭКЛЕЗІЯСТА 4ЭКЛЕЗІЯСТА 6  ->
 Languages
Languages