Ам 8
 1 Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі. 
 2 І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму. 
 3 Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі. 
 4 Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, - 
 5 вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота - каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, 
 6 каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць. 
 7 Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх! 
 8 Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая. 
 9 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня, 
 10 і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы - у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе - як горкі дзень. 
 11 Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад, - ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх. 
 12 І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго. 
 13 У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы, 
 14 якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! - Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.
<-  АМОСА 7АМОСА 9  ->
 Languages
Languages