Дз 8
 1 А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх. 
 2 А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім. 
 3 А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу. 
 4 А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова. 
 5 Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста; 
 6 народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды; 
 7 бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся. 
 8 І была радасьць вялікая ў тым горадзе. 
 9 А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага; 
 10 яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая. 
 11 А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі. 
 12 Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны. 
 13 Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся. 
 14 Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, 
 15 якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога: 
 16 бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса; 
 17 тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога. 
 18 А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, 
 19 кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога. 
 20 Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць на грошы. 
 21 Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам; 
 22 дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго; 
 23 бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды. 
 24 А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі. 
 25 А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце. 
 26 А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая. 
 27 Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне, 
 28 вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю. 
 29 Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы. 
 30 Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш? 
 31 Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім. 
 32 А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: «як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх; 
 33 у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае». 
 34 А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць: пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага? 
 35 Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса. 
 36 Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца? 
 37 А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы. 
 38 І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго. 
 39 А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся. 
 Languages
Languages